«УВАСКРЭ́СЕННЕ ХРЫСТО́ВА»,
«Васкрэсенне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад», помнік бел. л-ры канца 18 ст.; ананімны вершаваны твор. Узнік пад непасрэдным уплывам укр. твора «Вершы на Вялікдзень», напісаны ў стылі травесці, перайшоў у фальклор і бытаваў у вуснай форме ў розных рэдакцыях. Адзін з варыянтаў апубл. ў зб. І.Насовіча «Беларускія песні» (1873), другі — у рукапісным зб. «Беларускія народныя легенды, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні, 1882—1890 г.». Напісаны на рэліг.-царк. тэматыку, але асвятляе з’явы ў жартоўнай, бурлескнай форме, адлюстроўвае асаблівасці жыцця і побыту бел. сялянства 18 ст. Аўтар у гумарыст. тоне апісвае біблейскі сюжэт аб другім прышэсці Ісуса Хрыста, настанні суднага дня і царства боскага. Біблейскія героі Адам, Ева, Самсон, кніжнік Майсей, мудрэц Саламон і інш. пададзены ў тагачасных абставінах; сваёй мовай, паводзінамі, рысамі характару яны больш падобны да звычайных сялян. У творы выразна прасочваецца асоба аўтара, яго погляд на жыццё і светабудову. Ідэйны змест «У.Х.» і аўтарская канцэпцыя светаўспрымання надаюць твору антырэліг. характар.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1968;
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968.
І.В.Саверчанка.
т. 16, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)